Усталяванае гэтае свята ўказам Прэзідэнта Беларусі ў 1995 годзе і адзначаецца ў другую нядзелю траўня. У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі нашай краіны як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.
Эталон герба і Палажэнне аб сцягу зацверджаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1995 года па выніках праведзенага 14 мая 1995 года рэспубліканскага рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўсталяванне дзяржаўнай сімволікі.
5 ліпеня 2004 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь", які накіраваны на прававое рэгуляванне пытанняў дзяржаўных сімвалаў Беларусі, устаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, і вызначае апісанне і парадак іх выкарыстання.
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой зялёны контур краіны, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца.
Вышэй контуру змешчана пяціканцовая чырвоная зорка. Герб апраўлены вянком з залатых жытніх каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, а злева-лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой унізе змешчана надпіс золатам "Рэспубліка Беларусь". Гэта выява на гербе ўвасабляе лепшыя якасці беларускага народа-працавітасць, імкненне да свабоды і патрыятызм.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з двух гарызантальна размешчаных каляровых палос чырвонага і зялёнага колеру. Ля тронка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Чырвоны колер на сцягу-гэта колер сцягоў Чырвонай Арміі і беларускіх партызан, якія вызвалілі родную зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. Зялёны колер-колер лясоў і палёў, сімвал вясны, надзеі і адраджэння. Белы колер арнаменту адлюстроўвае духоўную чысціню беларусаў. Сцяг мацуецца на дрэўку, афарбаваным у залацісты колер.
Такім чынам, герб і флаг Рэспублікі Беларусь з дапамогай простых і зразумелых сродкаў адлюстроўваюць патрыятычныя, гістарычныя і культурныя традыцыі краіны, характар народа, яго духоўны патэнцыял. Яны надзелены яркімі рысамі і лёгка пазнаюцца сярод усіх дзяржаўных сімвалаў сусветнай супольнасці.
Дзяржаўныя сімвалы - герб і сцяг Беларусі - гэта гісторыя і будучыня беларускай дзяржавы, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, важнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.

