Чакаючы пачатку свята, прыбраныя выпускнікі пазіравалі перад фотакамерамі, прымалі віншаванні знаёмых і сяброў. Але нават у вясёлым смеху адчувалася нотка суму. Бо сёння ім трэба было развітацца са школай, якая на працягу некалькіх гадоў была для іх другім домам. Са сцэны гучалі словы падзякі выкладчыцкаму складу, бацькам, ім было прысвечана нямала песень і вершаў. Асаблівыя словы віноўнікі ўрачыстасці гаварылі ў адрас першых настаўнікаў. Падчас свята на экране мільгалі фатаграфіі з яркага школьнага жыцця, пранікнёныя словы, адрасаваныя педагогам. Для настаўнікаў і бацькоў выпускны баль - таксама свята. І калі для настаўнікаў гэта сумны і сентыментальны дзень развітання са сваімі вучнямі, якія раслі ў іх на вачах, то ў бацькоў у гэты дзень перамяшаліся пачуцці шкадавання і шчасця ад таго, што іх дзіця ўжо вырасла. У сваім выступе бацькі ў гумарыстычнай форме адлюстравалі школьнае жыццё. Бо ўсе гэтыя гады яны разам са сваімі дзецьмі вучыліся і раслі, здавалі экзамены, пісалі кантрольныя работы, засмучаліся з-за дрэнных і радаваліся добрым ацэнак. Агучваючы свой бацькоўскі наказ, усе іх пажаданні зводзіліся да таго, каб іх вырасьлі дзеткі знайшлі сябе, сваё месца ў жыцці. Адказнае слова сказалі класныя кіраўнікі рабят. Дакументы атрыманы. Скончаны школьны шлях. Засталіся ў мінулым пратаптаныя сцяжынкі ў школьным двары. Наперадзе ў выпускнікоў-нязведаная далеч самастойнага жыцця са сваімі радасцямі і цяжкасцямі.


