Ранняй раніцай на Алеі Герояў у Бялынічах прайшоў мітынг, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
Кіраўніцтва раёна, члены калектываў устаноў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, ветэраны працы і моладзь сабраліся ў Ліпавым гаі, каб успомніць трагічныя падзеі той страшнай вайны. 82 гады таму ў 4 гадзіны раніцы над мірнай беларускай зямлёй пачуліся гукі фашысцкіх снарадаў.
Мільёны загубленых жыццяў і паламаных лёсаў, знішчаныя і разбураныя гарады і вёскі, боль, жах і страх, якія на доўгія гады пасяліліся ў сэрцах тых, хто тварам да твару сутыкнуўся з найвялікшай трагедыяй мінулага стагоддзя – такія наступствы той далёкай вайны. Але мы, беларусы, нягледзячы на даўнасць гадоў, працягваем памятаць пра вялікі подзвіг савецкіх воінаў-вызваліцеляў і пра тое, якім коштам яны заваявалі для нас права на мірнае жыццё.

